— Як з’явіўся трэці камплект формы “Крумкачоў” ад нейрасеткі Midjourney?
— 6 траўня “Крумкачы” згулялі матч папярэдняга раўнда Кубка Беларусі супраць “Ураджайнай”. На вялікі жаль, у той гульні нашая каманда зазнала паразу ў серыі пенальці. Але быў у той вечар і прыемны момант, які радаваў нашыя вочы: “Крумкачы” ўпершыню згулялі ў камплекце формы, які быў створаны не жывым дызайнерам, а пры дапамозе штучнага інтэлекта. Усцешна, што і футбалістам, і заўзятарам гэтая форма прыйшлася даспадобы, таму дамашнюю нядзельную гульню супраць “Ураджайнай” наша каманда таксама правядзе ў гэтым камплекце формы. Давайце спынімся і трошку падрабязней распавядзем пра гэты камплект і пакажам, якія яшчэ цікавыя варыянты нам прапаноўвала нейрасетка Midjourney.
— Адкуль наогул з’вілася ідэя стварыць форму менавіта такім чынам?
— НФК “Крумкачы” увесь час свайго існавання намагаецца выкарыстоўваць актуальныя тэхналогіі ў сваёй працы, таму мы не маглі не звярнуць увагу на тое, што сёння штучны інтэлект агулам і нейрасеткі ў прыватнасці актыўна выкарыстоўваюцца спецыялістамі ў сферы дызайну. Першапачаткова дзеля забавы мы запыталі ў нейрасеткі Midjourney, як бы маглі выглядаць стадыён, маскот і лагатып нашага клуба. Вынікі моцна ўразілі нас і выклікалі станоўчую рэакцыю з боку нашых заўзятараў.
— Ці мы такія першыя ў свеце?
— Станоўчая рэакцыя на нашыя эксперыменты падштурхнула нас задумацца, ці не стварыць нам паўнавартасны камплект формы для нашай каманды. Даследуючы гэтае пытанне мы зразумелі, што можам стаць першым футбольным клубам у свеце, футбалісты якога згуляюць у форме, створанай пры дапамозе нейрасеткі. Мы правялі аналіз сусветных спартыўных супольнасцяў і высветлілі, што такой магчымасцю на пачатак сакавіка яшчэ ніхто не скарыстаўся. Нам стала вядома, што французскі “Алімпік” з Марсэля стварыў форму пры дапамозе нейрасеткі, але не для асноўнай каманды клуба, а для сваёй кіберспартыўнай каманды. Таксама прэзідэнт расійскай “Winline Медыялігі” Мікалай Восіпаў анансаваў стварэнне такой формы, але камплект на той момант яшчэ не пабачыў свет. Затое 13 сакавіка ФК “Макслайн” з Віцебска анансаваў тры камплекты сваёй формы на сезон-2023, кожная з якіх была таксама створаная нейрасеткай Midjourney. Як бачым, беларусы заўжды мысляць прагрэсіўна!
— Што такое Midjourney і як яна працуе?
— Midjourney уяўляе сабой тэхналогію генерацыі выяваў, якая навучаная на вялікім масіве карцінак. Сама нейрасетка ўмее адрозніваць стылі, колеры, памеры, фарматы і шмат чаго яшчэ. Яна працуе па прынцыпе генерацыі выявы з нуля праз сумяшчэнне велізарнай колькасці элементаў. Гэтая нейрасетка распазнае друкаваны тэкст і стварае на падставе тэкставага апісання паўнавартасную выяву.
— Якую задачу ставілі перад нейрасеткай?
— Камплект формы, які мы хацелі стварыць, павінен быў адпавядаць назве нашага клуба і адлюстроўваць уласцівыя колеры, таму мы, відавочна, бачым звыклыя заўзятарам «Крумкачоў» колеры — чорны, адценні чырвонага ды белы. Ну і куды ж без крылаў і пёраў крумкача, якія штучны інтэлект таксама дадаў на форму. Усяго падчас стварэння трэцяга камплекта формы нейрасетка прапанавала нам каля 400 варыянтаў дызайну. Мы хочам прадставіць вашай увазе 4 лепшыя, на наш погляд, камплекты, якія мы і прапаноўвалі рэалізаваць нашым патэнцыйным партнёрам. Па выніку, гэты камплект формы стаў магчымым дзякуючы нашаму партнёру — мабільнаму плацёжнаму сэрвісу «Оплати».
Рэзюмуючы ўсё вышэй напісанае можам з гонарам адзначыць, што мы сталі адным з першых клубаў у свеце, які стварыў камплект сваёй формы пры дапамозе штучнага інтэлекта!
Заказать форму можно оставив заявку по ссылке: https://forms.gle/ZACJcpnx3qKV7Em36
Фота: @foto.katy.ace
Прэсс-служба НФК «Крумкачы»