Жизнь команды

Адкуль родам?

Нарадзіўся ў Бабруйску, вырас у горадзе Рагачоў.

Кім марыў стаць у дзяцінстве?

Марыў стаць футбалістам.

Як прыйшоў у футбол?

Прыйшлі з сябрам, самі запісаліся да трэнера.

Любімы футбаліст дзяцінства?

Паола Мальдзіні.

Любімы футбольны клуб?

Мілан.

3 лепшыя фільмы ад Рамана Гаева:

«Чалавек, які змяніў усё», «Заснавальнік», «Апантанасць».

Лепшы адпачынак для цябе гэта...?

Адпачынак у кампаніі сяброў.

Як прыйшла ідэя заняцца бізнесам (Раман Гаеў – уладальнік прадуктовай крамы)? Як цяпер ідуць справы?

Жыццё прымусіла! Зарплата была маленькая і нерэгулярныя выплаты. Таму пачаў думаць, чым заняцца па-за футболам, бо знайсці падпрацоўку з вельмі гнуткім графікам цяжка! Цяпер, як і ва ўсіх, нічога незразумела…

Футбол або бізнэс?

Футбол і бізнэс!

Наколькі ты патрабавальны да сябе?

На 80%.

Хто твой галоўны заўзятар?

Сям'я.

Самы яркі ўспамін з футбольнай кар'еры?

Сярэбраны медаль Чэмпіянату з «Дынама Мінск».

Як упершыню трапіў у «Крумкачы»?

У 2015 годзе патэлефанавалі, запрасілі прыйсці патрэніравацца ў каманду. Так і застаўся.

Самы яркі ўспамін з кар'еры за наш клуб?

«Бітва за вышку»!

Сярэбраны медаль Вышэйшай лігі або выхад у вышку з «Крумкачамі»?

Сярэбраны медаль Вышэйшай лігі.

Апішы той самы матч з «Дняпром» у лістападзе 2015 трыма словамі.

Выйшлі, перамаглі, адсвяткавалі.

Як адсвяткавалі?

Спакойна пасядзелі ў рэстарацыі ўсёй камандай ?

З «Тарпеда» – у Другую лігу (апошні клуб – «Андэрдог»). Як так атрымалася?

Трэба было 3 месяцы быць у Мінску, таму выбраў такі варыянт.

Кожны дзень ездзіў з Мінска ў Чысць на трэніроўкі (каля 60 км)?

Так, кожны дзень туды і назад.

Чаму вырашыў вярнуцца ў «Крумкачы»?

Кіраўніцтва і трэнерскі штаб выказалі жаданне пасупрацоўнічаць, таму прыняў такое рашэнне. Плюс падбіраецца дасведчаная каманда!

Па якім прынцыпе выбіраў нумар?

Заўсёды выбіраю 20 нумар, калі ён вольны!

Чаму менавіта 20?

Дзень нараджэння ?

Чым «Крумкачы» адрозніваюцца ад іншых клубаў?

Заўзятарамі, філасофіяй клуба.

Якую мэту паставіў на наступны сезон?

Максімальна быць карысным камандзе.

Пра што марыш?

Хутчэй набраць гульнявую форму ?

Што хацеў бы перадаць нашым заўзятарам?

Будзьце заўсёды побач з камандай, для нас гэта важна!

Адкуль родам?

Мінск, Завадскі раён

Кім марыў стаць у дзяцінстве?

Напэўна, дальнабойнікам. Гэта прафесія здавалася цікавай, вандруеш па свеце...

Як прыйшоў у футбол?

Брат старэйшы гуляў, і я хадзіў, глядзеў. А як крыху падрос – сам стаў займацца ў «Тарпеда».

Любімы футбаліст дзяцінства?

Дэвід Бэкхэм.

Любімы футбольны клуб?

Я ўсё дзяцінства правёў на «Аўтазаводзе», тады ўвесь раён заўзеў за «Тарпеда», і я ў тым ліку. Таму «Тарпеда».

3 лепшыя фільмы ад Сяргея Лынькова:

«Адважнае сэрца», «Брат 2», «Чорная пантэра».

Лепшы адпачынак для цябе гэта ...?

Лепшы адпачынак – ён розны і залежыць ад настрою: часам гэта можа быць шашлык з сям'ёй, а часам – лазня з сябрамі.

Хто твой галоўны заўзятар?

Мама. Яна глядзіць усе гульні з маім удзелам, калі ёсць магчымасць.

Наколькі ты патрабавальны да сябе?

Наколькі я патрабавальны да сябе – пакажа футбольнае поле. Я лічу за лепшае рабіць усё на 100 адсоткаў, але гэта прыйшло з гадамі, быў малады – думаў па-іншаму.

Самы яркі ўспамін з футбольнай кар'еры?

Кубак рэгіёнаў і гол, які прынёс бронзу. Пасля гэтага кубка аднавілася мая кар'ера як футбаліста, я кінуў працу і стаў толькі гуляць у футбол. Гэта адназначна самая важная падзея ў маёй кар'еры.

Чэмпіянат Арменіі - які ён?

Ён вельмі тэхнічны, шмат моцных легіянераў з Бразіліі, Расіі, Партугаліі. Там няма ліміту на легіянераў, таму іх вельмі шмат. Ну і, вядома, спякота – ад гэтага славянам там спачатку вельмі складана.

Калі ўпершыню пачуў пра «Крумкачоў»?

Ды як вярнуўся ў футбол, так і пачуў пра «Крумкачоў». Вы яшчэ тады гулялі ў Другой лізе (2014).

Чаму вырашыў перайсці да нас?

Перад камандай ставяцца высокія задачы, хачу дапамагчы іх выканаць. Плюс каманда з Мінска.

Многія памятаюць матч «Крумкачы» - «Іслач» і крыўдзяцца на цябе. Адчуваў ты калі-небудзь непрыязнасць да нашай каманды?

Калі людзі не разумеюць жартаў – гэта пытанне да іх, а не да мяне. Нічога страшнага ў тых каментарах не было, ніводнага футбаліста я не абразіў – проста спрабаваў каментаваць, каб было весела. Не ведаю, як атрымалася, не мне судзіць. Непрыязнасць да каманды – гэта гучна сказана. Так, была нейкая прынцыповасць у матчах з «Іслаччу», таму былі баявымі гульні. А непрыязнасць была да некаторых персанажаў – яна і цяпер ёсць. У жыцці ва ўсіх так: камусьці мы падабаемся, камусьці не, гэта нармальна.

Чым «Крумкачы» адрозніваюцца ад іншых клубаў?

Пакуль я не магу сказаць, чым адрозніваюцца, бо правёў усяго пару трэніровак. Усе клубы індывідуальныя, таму пакуль не магу чагосьці прыкмеціць. Можа гэта родная мова, якой прытрымліваецца клуб.

Якую мэту паставіў на наступны сезон?

Я паставіў мэту: перамагаць у кожным матчы!

Пра што марыш?

Не раскажу, а то не спраўдзіцца ?

Што хацеў бы перадаць нашым заўзятарам?

Любіць сваю каманду і моцна стаяць на нагах! А ў цяперашняй сітуацыі – часцей мыць рукі і не хварэць!

Адкуль родам?

Нарадзіўся ў Беларусі, з Менска, свой, не легіянер.)

Кім марыў стаць у дзяцінстве?

У дзяцінстве марыў стаць мастаком, але, дагэтуль не ведаю чаму, маляваць прыгожа так і не навучыўся.)

Як прыйшоў у футбол?

Раней трэнеры хадзілі па школах і набіралі дзяцей, прапаноўвалі займацца у іх, вось і я таксама вырашыў пайсці. Але там я доўга не прабыў — маці аддала мяне ў футбольную школу, якая была бліжэй да дому – «Трактар». Так я і пачаў гуляць у футбол.

Любімы футбаліст дзяцінства?

Ведаеце, тут есць два адказы. Першы – Давід Трэзэге. Так склалася, што на першай футбольнай майцы, якую мне падарылі, было менавіта гэтае імя, я пачаў сачыць за ім, ён мне вельмі падабаўся. А калі гаварыць, не прымаючы ва ўвагу нейкія сэнтыментальныя моманты, звязаныя з першай футбольнай майкай, то гэта Цьеры Анры.

Любімы футбольны клуб?

Арсенал

Якую музыку слухаешь?

Насамрэч розную, няма прыхільнасці да нейкага канкрэтнага стылю. Ведаеце, залежыць ад настрою. Ірына Алеграва — «З днём нараджэння». Гэта жарт, калі што. :)

Тры лепшых фільма ад Паўла Расолькі:

Іх шмат. Увогуле, мне вельмі падабаецца глядзець фільмы ці сэрыялы. «Троя», «Гладыятар», «Дзённік памяці», але апошні трошкі адрозніваецца ад першых дзвюх.

Лепшы адпачынак для цябе гэта...?

Магу проста дома ўключыць што-небудзь і адпачываць. Але частей, калі ёсць свабодны час, з'яжджаю ў нейкае прыгожае месца на рыбалку.

Наколькі ты патрабавальны да сябе?

Заўсёды шукаю праблемы ў сябе, калі што-небудзь не атрымліваецца. Вельмі патрабавальны.

Самы яркі ўспамін з футбольнай кар'еры?

Ведаеце, я лічу, што найбольш яскравыя моманты ў мяне яшчэ наперадзе. Але, калі ўспомніць… Мабыць, калі выйшлі ў Вышэйшую лігу з «Лучом», а яшчэ на пачатку сезона мелі мінус 10 у табліцы. Эмоцыі былі неперадавальныя!

Хто твой галоўны заўзятар?

Мусіць, дзядуля, ён больш за ўсіх перажывае за вынікі і ўвогуле за ўсё, што адбываецца са мной у футболе. Ён паабяцаў, што абавязкова будзе хадзіць на гульні!

Калі ўпершыню пачуў аб «Крумкачах»?

Даволі даўно, яшчэ калі гуляў супраць іх у Другой лізе.

Чаму вырашыў перайсці да нас?

Клуб з амбіцыямі, таксама ёсць канкрэтная задача – выйсці ў Вышэйшую, трэба дапамагчы!

Па якім прынцыпе выбіраў нумар?

Неяк звыкнуўся пад адным гуляць і заўсёды пад ім і гуляю. З дзяцінства адзін нумар.

Чым «Крумкачы» адрозніваюцца ад іншых клубаў?

Напэўна сваімі заўзятарамі! Такіх, як яны, ў іншых клубаў няма!

Якую мэту паставіў на наступны сезон?

Выйсці ў Вышэйшую лігу і прыносіць як можна болей карысці камандзе!

Пра што марыш?

Каб вярнулі грошы, якія былі да дэвальвацыі! І зрабіцца мільянерам, хоць бы беларускім. :)

Што хацеў бы перадаць нашым заўзятарам?

Хачу пажадаць добрага сезону і каб заўсёды падтрымлівалі клуб нягледзячы ні на што!

 

Спутнік – так называлася першая касмічная праграма ў гісторыі. Менавіта такую назву мае сапернік нашага клуба ў наступным таварыскім матчы. Рэчыцкі «Спутнік» з’явіўся ў 2017 годзе і пачаў свой шлях у беларускім футболе, як і ўсе, – з Другой лігі. Камандзе не хапіла літаральна некалькі пунктаў да другога месца, якое давала права на павышэнне ў класе. Але ўсё вырашыў выпадак – магілёўскі «Дняпро» адмовіўся удзельнічаць у Першай лізе, і замест магілеўчан туды трапіла каманда з Рэчыцы. У сезоне-2019 «Спутнік» таксама ставіў перад сабой амбіцыйныя задачы, але на ўсю дыстанцыю чэмпіянату сіл не хапіла: каманда не была дастаткова стабільнай і перамогі над лідарамі чаргаваліся з паразамі. Адсюль вынік – толькі шостае месца.

Зараз, як і ў мінулым сезоне, камандай кіруе Вячаслаў Леўчук, які мае вялікі паслужны спіс клубаў і ўзнагарод як у якасці гульца, так і ў якасці трэнера. У складзе мазырскага МПКЦ ён стаў чэмпіёнам Беларусі па футболе ў сезоне 1996, а як трэнер, акрамя работы ў айчынных клубах, мае досвед трэнерскай дзейнасці ў «Шэрыфе», «Севастопале» і львоўскіх «Карпатах». Перад тым, як узначалiць «Спутнік», Леўчук быў галоўным ў «Дняпро», і, здаецца, што лёс гэтых каманд неяк містычна звязаны. Можа таму, што абодва горада злучае адна з найбуйнейшых рэк нашай краіны – Дняпро?

«НФК Крумкачы» — «Спутнік». Прэв'ю матча, изображение №2
 

Ёсць і яшчэ адна цікавостка, якая можа зрабіць гэтае супрацьстаянне прынцыповым як у чэмпіянаце, так і ў наступнай гульне: у складзе нашага саперніка ёсць некалькі гульцоў, якія, тэарэтычна, могуць быць асобна знаёмы з галоўным трэнерам нашай каманды – Сяргеем Кузьмінічам. Напрыклад, за «Спутнік» зараз гуляе некалькі выхаванцаў футбольнага клуба «Гомель», з якім Сяргея Казіміравіча звязвае гульнявая (2010 год) і трэнерская (2010-2012) кар’ера. Напрыклад: Аляксей Цімашэнка, Арцём Федзянін, Андрэй Саковіч, Георгі Манастырскі, Станіслаў Іжакоўскі. Некаторыя з іх назіралі за Кузьмінічам – гульцом каманды, а зараз будуць гуляць супраць яго ўжо ў якасці трэнера! Чым не прынцыповасць?

У нашай камандзе таксама ёсць гулец, з-за якога наступная сустрэча «Крумкачоў» можа стаць прынцыповай. Гэта – Віталь Ліхцін, які на працягу двух сезонаў гуляў за «Спутнік». Увогуле за рэчыцкі клуб Віталь правёў 41 матч і забіў 4 мячы.

На каго варта звярнуць увагу ў складзе «Спутніка»?

Валерый Патароча. Лепшы бамбардзір (9 галоў) і лепшы гульца мінулага сезону па версіі заўзятараў. У міжсезонне Валерый забіў толькі 2 галы ў матчы з «Энергетыкам» (2:2).

«НФК Крумкачы» — «Спутнік». Прэв'ю матча, изображение №3
 

З цікавых трансфераў:

Дзяніс Глужэўскі – паўабаронца. У мінулым сезоне прымаў удзел у юнацкай Лізе Чэмпіёнаў: адыграў 3 матчы, выніковымі дзеяннямі ня адзначыўся.

Ілля Сень – нападаючы. Прыйшоў з маладзёжкі БАТЭ. У сезоне-2019 быў адным з найлепшых бамбардзіраў каманды – у 21 гульні забіў 14 галоў.

А вось вынікі міжсезонных гульняў ФК «Спутнік»:

«Энэргетык-БДУ» 2:2 «Спутнік»

«Белшына» 1:0 «Спутнік»

«Спутнік» 9:2 «Славія» (д)

«Спутнік» 3:0 «Орша»

«Спутнік» 0:1 «Лакаматыў» (Гомель)

«Спутнік» 2:0 «Смаленск»

«Спутнік» 1:2 «Днепр-Магілёў»

Па асабістым супрацьстаянням наш клуб перамагае: 2-2 і 1-0 на нашу карысць у другой лізе і 3-3, 1-0 – у першай. Увогуле атрымліваецца дзьве перамогі і дзьве нічыі. Троху статыстычных вынікаў: «Крумкачы» перамагаюць «Спутнік» у кожным другім матчы. У кожным другім матчы сустрэча скончваецца галевой феерыяй. У сярэднім у матчах паміж камандамі забіваецца тры галы. Таму, абавязкова прыходзьце на стадыён, там Вас чакае ці перамога нашай каманды, ці шмат галоў! Іншае, паводле статыстыкі, амаль неверагодна!

Аўтар: Кірыл Комкін

Адкуль родам?

Родам з Мінска.

Кім марыў стаць у дзяцінстве?

Футбалістам ?

Як прыйшоў у футбол?

Бацька прывёў на трэніроўку.

Любімы футбаліст дзяцінства?

Рауль.

Любімы футбольны клуб?

Рэал Мадрыд.

Якую музыку слухаеш?

Музыку люблю розную, усё залежыць ад настрою. У асноўным, рускі рэп, асабліва старыя трэкі Басты, Гуфа.

3 лепшых фільма ад Арцёма Варанцова

«12», «Уцёкі з Шоўшэнка», «Форэст Гамп».

Лепшы адпачынак для цябе гэта ...?

Час, праведзены з сям'ёй або сябрамі.

Наколькі ты патрабавальны да сябе?

Досыць патрабавальны. Стараюся рабіць усё на максімум сваіх магчымасцяў.

Самі яркі успамін з футбольнай кар'еры?

Былі яркія моманты, але самыя значныя яшчэ наперадзе.

Хто твой галоўны заўзятар?

Галоўны заўзятар — гэта тата.

Калі ўпершыню пачуў аб Крумкачах?

Напэўна, як і многія іншыя — пасля выхаду ў Вышэйшую лігу.

Чаму вырашыў перайсці да нас?

Хачу вырашаць максімальныя задачы.

Па якім прынцыпе выбіраў нумар?

Гуляў у папярэднім клубе пад гэтым нумарам, вырашыў не мяняць.

Чым Крумкачы адрозніваюцца ад іншых клубаў?

Заўзятарамі!

Якую мэту паставіў на маючы адбыцца сезон?

Правесці максімальна добры сезон і выйсці з «Крумкачамі» ў Вышэйшую лігу.

Пра што марыш?

Зайграць на максімальна высокім узроўні.

Што хацеў бы перадаць нашым заўзятарам?

Хачу пажадаць заўзятарам да канца быць з камандай у любыя моманты.

Контакты

 

Подписывайся на нас

 

Copyright© 2020
ООО "НФК Крумкачы"
Сайт разработан business-solutions.by