Паважаныя сябры, нашы заўзятары!
На парозе новага сезона жадаем распавесці Вам пра праграму квіткоў, якую падрыхтавалі сёлета, але ў першую чаргу, падзякаваць Вам за тое, што Вы так незвычайна-фантастычна падтрымліваеце наш клуб на працягу ўсяго яго існавання. Дзякуй Вам! Праз Вашы імкненні і Ваш удзел узнік наш клуб, дзякуючы Вам жыве і гуляе. Як бы нам не было цяжка, мы разумеем і адчуваем, што Вы заўсёды побач. Гэта не толькі натхняе і мабілізуе, гэта дорыць ідэю, мэту, якія аб’ядноўваюць усіх нас – футбалістаў, трэнераў, заўзятараў у адзіную супольнасць. Такая наша місія – зрабіць футбол больш чыстым, шчырым, ствараць яго для тых і разам з тымі, без каго ён у прынцыпе існаваць не павінен.
Нашы квіткі і абанементы на хатнія матчы ў сёлетнім сезоне магчыма будуць самымі дарагімі ў лізе. Мы спадзяемся і тут на Ваша разуменне і падтрымку. Бюджэт клуба фарміруецца дзякуючы дапамозе нашых сяброў і партнёраў, а таксама Вашай любові і ўдзелу. Кожным набытым квітком, кожным набытым абанементам Вы фінансава дапамагаеце клубу, галасуеце за тое, каб ён працягваў жыць і развівацца. У сваю чаргу і ў адказ на Вашу падтрымку, мы абяцаем, што ніколі не будзем абыякавымі і інэртнымі. У адказ на Вашу любоў, мы будзем дарыць Вам сваю, дарыць шчыра, эмацыйна, ярка і маляўніча!
Хатнія гульні НФК будзе праводзіць на мінскім стадыёне РЦАР-БДУ, які знаходзіцца па адрасе: вул. Сямашкі, 13.
Кошт квітка - 5 рублёў. Дзецям да 16 год – уваход бясплатны.
Мы падрыхтавалі тры варыянты сезонных абанементаў: Крумкачы «Незвычайныя», Крумкачы «Фантастычныя» і Крумкачы «Камандныя».
Белы «Незвычайны» абанемент будзе каштаваць 50 рублёў і ўключае ў сябе ўваход на ўсе хатнія гульні нашай каманды ў першай лізе і Кубку Беларусі ў сезоне-2019.
Чырвоны «Фантастычны» абанемент будзе каштаваць 100 рублёў. Акрамя ўваходу на ўсе хатнія гульні ў 2019 годзе, уладальнік такога абанемента атрымае месца ў складзе каманды заўзятараў на штогадовым турніры «Злёт Крумкачоў» з удзелам футбалістаў клуба, прадстаўнікоў трэнерскага штаба, партнёраў і сяброў.
І, нарэшце, залаты абанемент – «Камандны». Гэта лімітаваная серыя абанементаў, кошт аднаго складае 200 рублёў. У дадатак да ўваходу на ўсе хатнія гульні ў сезоне-2019 і месца ў складзе каманды заўзятараў на штогадовым турніры «Злёт Крумкачоў» яго ўладальнік атрымае запрашэнне на ўдзел ва ўсіх адкрытых карпаратыўных мерапрыемствах клуба ў бягучым сезоне і ў падарунак футболку нашага клуба з любым нумарам і імем на спіне.
Выберыце свой абанемент і аформіце перадзамову па спасылцы: nfk-season-tickets-19
Не сумняваемся, што ў якасці ўдзельніка нашай праграмы квіткоў, Вы атрымаеце не толькі прыгожыя і стыльныя абанементы і сюрпрызы, якія мы для Вас падрыхтавалі, але і асалоду ад гульні каманды, якая зробіць усё, каб радаваць Вас, як мага часцей! Пражывём гэты год разам і працягнем ствараць гісторыю клуба сваімі рукамі!
Разам зможам перамагчы!













