Адкуль родам?
Мінск.
Кім марыў стаць у дзяцінстве?
Заўсёды марыў быць футбалістам.
Як прыйшоў у футбол?
Гуляў у футбол у двары, потым мама з татам, як гэта звычайна бывае, адвялі мяне на заняткі. Хлопчыкаў майго года нараджэння яшчэ не набіралі, таму пайшоў у групу з старэйшымі на год дзецьмі.
Дзе вучыўся гуляць у футбол?
Да гэтага часу вучуся :). Першая мая школа — ФК «Мінск», тады яшчэ гэта была школа «Змена».
Любімы футбаліст дзяцінства?
Як і ў дзяцінстве, так і цяпер, мой любімы футбаліст — Месі.
Любімы футбольны клуб?
«Барселона».
Наколькі і як бацька ўплываў на твой шлях у футболе?
Мы з ім увесь час на сувязі, заўсёды звяртаюся да яго за нейкімі парадамі, дзялюся з ім рознымі рэчамі. У дзяцінстве пасля трэніровак мы часта сядалі пагаварыць пра футбол, ён браў фішкі і нешта мне тлумачыў. Зараз ён таксама паказвае мне на памылкі, кажа, што трэба выпраўляць і над чым працаваць.
Якую музыку слухаеш?
Розную, у асноўным, рускую.
3 лепшых фільма ад Кірылы Ярмаковіча:
«Гол», «Гол-2», яшчэ вельмі спадабаўся «Выспа праклятых», пераглядаў яго шмат разоў.
Лепшы адпачынак для цябе гэта ...?
Адпачынак з сям'ёй, бацькамі.
Хто твой галоўны заўзятар?
Сям'я, за мяне заўзеюць і хвалююцца ўсе сваякі.
Самы яркі ўспамін з футбольнай кар'еры?
Складанае пытанне. Спадзяюся, што самыя лепшыя моманты ў кар'еры яшчэ наперадзе.
З якімі пачуццямі сыходзіў з «Гомеля»?
Я атрымаў новы выклік і прыняў яго. Так што не было ніякага шкадавання, наадварот, лічу, зрабіў крок наперад.
Калі ўпершыню пачуў пра «Крумкачоў»?
Даўно, яшчэ калі каманда выходзіла ў вышэйшую лігу.
Чаму вырашыў перайсці да нас?
Вырашыў, што для мяне па многіх прычынах гэта будзе лепшым варыянтам, у тым ліку і таму, што гэта добрая каманда.
Па якім прынцыпе выбіраў нумар?
У камандзе большасць гульцоў ужо выбралі нумары, так што проста спытаў, які нумар вольны. Абраў нумар 7, плюс у мяне тата гуляў пад гэтым нумарам.
Чым «Крумкачы» адрозніваюцца ад іншых клубаў?
Напэўна, заўзятарамі і атмасферай на матчах.
Якую мэту паставіў на другую палову сезону?
Выканаць задачу, гэта значыць выйсці разам з камандай у вышэйшую лігу.
Што хацеў бы перадаць нашым заўзятарам?
Хацеў бы перадаць, каб прыходзілі на нашыя матчы, заўзелі за нас і падтрымлівалі. Усё ж такі, калі ты на поле і заўзятары цябе падтрымліваюць, у гульцоў нашмат больш сіл.