Для тых, хто ўпэўнены ў тым, што правядзе з намі кожны матч у гэтым сезоне, мы распрацавалі новыя абанементы.
«Заўзятар». На гэтым абанеменце вас сустрэне наш мілы маскот Крумка, які заўсёды будзе рады вас бачыць і, вядома ж, абняць. У гэты абанемент мы ўключылі праход на ўсе матчы гэтага сезона: не толькі рэгулярнага чэмпіянату, але і плэй-оф, а мы ўпэўнены, што абавязкова патрапім туды. Мы птушачкі ўпэўненыя. Акрамя асалоды ад матчаў улюбёнай каманды вы таксама атрымаеце мерч-бокс, куды ўвойдуць тыя рэчы, якія вам падабаюцца, каб з імі падтрымліваць каманду ўвесь сезон.
«Трэнер». Абанемент, які вам дазволіць абраць тыя плюшачкі, якія самі захочаце, як наш трэнер Сяргей Казека, які будзе на вашым абанеменце, выбірае сабе гульцоў у стартавы склад. Уладальнікі гэтых абанементаў могуць уключыць у яго кошт праход на ўсе матчы сезону; 2 гадзінкі з кімсьці з нашых гульцоў, каб задаць ім самыя цікавыя і хітранькія пытаннечкі, на якія мы забываемся на прэс-канферэнцыях; сапраўдную футбольную цішотку новага сезона; магчымасць трапіць на лаўку запасных, дзе можна нырнуць у атмасферу матча і паглядзець яго, так бы мовіць, з першага раду; і яшчэ шмат чаго, мы нават самі не прыдумалі – усё абмяжоўваецца толькі вашай фантазіяй і нашымі магчымасцямі.
«Легенда». Што першае вы ўспамінаеце, калі чуеце «легенда «Крумкачоў»? Мы вось лічым, што сапраўдная легенда нашага клуба – Аляксандр Яцкевіч. Таму менавіта ён будзе прадстаўлены на абанеменце. Галоўнае адрозненне гэтага абанемента ў тым, што вы зможаце выйсці на поле ў афіцыйным матчы за ваш любімы клуб. Як успомнім, як у мінулым годзе два нашыя заўзятары дэбютавалі за клуб… Слёзкі на вачах, а якая падтрымка была – мурашы па скуры. Хочаце адчуць роў трыбун і шчырую падтрымку сяброў? Тады гэты абанемент для вас, бо менавіта так і нараджаюцца легенды.
А для тых, хто не ўпэўнены ў сваіх планах на сезон, мы падрыхтавалі квіткі.
А які ваш самы ўлюблёны беларускі гурт ва ўсім сусвеце?
Вось і мы не вызначыліся! Можа вам падабаецца класіка беларускага року і кожны дзень у вашых слухаўках грае «Крамбамбуля», а можа вам, як і «Крумкачам», мора па калена, ці разам з заўзятарамі «Іслачы» вы гатовыя зацянуць «Панк-рок назаўжды», ну ці вы пасля футбольчыку бяжыце на Кастрычніцкую, каб паслухаць жыўцом Intelligency.
Калі гэта ўсё пра вас, дык рыхтуйцеся да папаўнення калекцыі вініла, бо ў гэтым сезоне нашыя квіточкі будуць сапраўднай класікай – мы распрацавалі іх дызайн спецыяльна пад культавыя вокладкі беларускіх музыкаў і гуртоў.
Таму на кожным матчы будуць унікальныя квіточкі, а своеасаблівым квэстам будзе пазнаць іх усе. Мы пакуль не дамовіліся, каб музыкі прымалі нашыя квіточкі як праходкі на іх канцэрты, але сабраць іх усе вам нішто замінаць не будзе!
Купіць квіткі і абанементы зараз можна ў два клікі!
- Спампуйце дадатак «Оплати» ў AppStore, PlayMarket, AppGallery і зарэгіструйцеся.
- Папоўніце электронны кашалёк ПРАЗ АРІП з карты любога банка РБ без камісіі.
- Заходзьце ў «Оплати», далей – раздзел «Маркет-Спорт и фитнес»–НФК «Крумкачы».
- Набывайце квіток ці абанемент і атрымоўвайце манібэк да 5%.
Таксама на стадыёне ты зможаш знайсці QR, які адразу вядзе на патрэбны раздзел!
Разам зможам перамагчы!