Працягваем знаёмiцца з нашымi гульцамi. На чарзе — паўбаронца Мiхаiл Шыбун.
Адкуль родам?
Мястэчка Малеч Бярозаўскага раёна.
Кім марыў стаць у дзяцінстве?
Вядома ж, футболістам.
Як прыйшоў у футбол?
У нас у весцы цудоўны чалавек і трэнер Уладзімір Пятровіч Кавалеўскі вырашыў сабраць каманду. Ну, дзяцей з вёскі — проста патрэніравацца. І ў 2005 годзе я ўпершыню прыйшоў да яго на трэніроўку. І з таго часу не пераставаў хадзіць. Потым ездзіў за Бярозу па раённых спаборніцтвах, "ліцэнзія" і усё гэта. Потым ужо апынуўся на праглядзе ў салігорскім "Шахцёры".
Любімы футбаліст дзяцінства?
Спачатку ў "Чэлсі" падабалася гульня Джымі Флойда Хасэлбайнка, а затым Фрэнка Лэмпарда і Фернанда Торэс.
Любімы клуб?
Адпаведна, "Чэлсі".
Якую музыку слухаеш?
Абсалютна розную. Залежыць ад настрою.
Тры лепшыя фільмы ад Міхаіла Шыбуна?
"Пабег з Шаўшэнку", "Пакуль не згуляў у скрыню", "Чалавек, які змяніў усё".
Лепшы адпачынак для цябе гэта…?
Ляжаць і спаць :) Калі сур'ёзна, лепш за ўсё праводзіць вольны час з роднымі ды сябрамі.
Самы яркі ўспамін з футбольнай кар'еры?
Напэўна, матч за моладзевую зборную Беларусі супраць англічан, а таксама ўдзел з "Шахцёрам" у Лізе Еўропы.
Чаму вырашыў перайсці менавіта ў "Крумкачы"?
Па-першае, была зацікаўленасць з боку трэнерскага штабу. Мне патэлефанаваў Алег Міхайлавіч Кубараў, запрасіў патрэніравацца, я згадзіўся. Тут вельмі кваліфікаваныя трэнеры, гэта таксама паспрыяла выбару. Па-другое, "Крумкачы" зараз — гэта народная каманда, тут цудоўныя заўзятары, якія, упэўнены, будуць нас падтрымліваць.
Дагэтуль ты гуляў толькі на ўзроўні вышэйшай лігі. Як будзеш адчуваць сябе ў другім дывізіёне?
Нармальна. У любым выпадку наша мэта — выйсці ў вышэйшую лігу. Гэта — самае галоўнае. Так, узровень у першай лізе трохі другі, але не магу сказаць, каб ён вельмі моцна адрозніваўся ад элітнага.
Якую мэту паставіў на сезон?
Зразумела, выйсці ў вышэйшую лігу. А таксама ў кожная гульні імкнуцца радаваць гульнёй заўзятараў і трэнерскі штаб.
Твая футбольная мара?
Ай, рэалістам трэба быць. Якія мары ўжо ў 25 гадоў — хутка заканчваць трэба :) А то пачну зараз расказваць: "Чэлсі", прэм'ер-ліга… У дзяцінстве, канешна, марыў аб гэтым. Ну, у Брытаніі пагуляў. Праўда, ва Уэльсе толькі. А так… Добра б было яшчэ згуляць на якім-небудзь вялікім знакамітым стадыёне, напрыклад, у той жа Англіі. Ну і "Крумкачоў", зразумела, вывесці ў вышэйшую лігу і там выйграць трафей і згуляць у еўракубках.
Што хацеў бы перадаць нашым заўзятарам?
Каб прыходзілі на стадыён і падтрымлівалі нас і у добрыя, і ў дрэнныя часы. А мы будзем старацца нашай гульнёй і забітымі галамі дзякаваць ім. Хочацца, каб мы былі адзіным цэлым з імі. І яшчэ жадаю ўсім добрага здароў'я!














