Капітан "Крумкачоў" і аўтар пабеднага гола ў браму "Нафтана" Павел Грэчышка дзеліцца чаканнямі ад матчу супраць "Дняпра".
— Гульня супраць "Нафтана" атрымалася вельмі складанай. Якія высновы зрабілі пасля яе?
— Самае галоўнае — нам не хапае рэалізацыі. Момантаў было шмат, два галы хутка забілі, а потым павінны былі забіваць яшчэ і заканчваць матч спакойна. А ўрэшце столькі нерваў страцілі — і пенальці, і другія эпізоды.
— Чаму так здараецца не ў першым ужо матчы?
— Складана адказаць. Заўсёды трэба пачынаць з сябе. Галоўная прычына — недахоп майстэрства. Быццам бы і моманты страваем, і камандная гульня ёсць, але забіць не можам. Гэта не прыводзіць, так скажам, да пажаданай колькасці галоў.
— Каманда выйшла на першае месца, але, мяркую, трэнерскі штаб вельмі просіць не расслабляцца?
— Такога акцэнту няма, ды мы і самі асабліва не глядзім на турнірную табліцы. Яшчэ вельмі рана. Восенню паглядзім. Зараз трэба проста забіраць свае балы і да кожнага суперніка ставіцца сур'ёзна.
— Наперадзе матч супраць "Дняпра" — якія думкі?
— Зразумела, што супернік вельмі моцны. Па шматлікіх паказчыках — такіх як чаканыя галы, напрыклад, ці чаканыя балы — магілёўская каманда на першым месцы ў лізе. Да таго ж адчувалі гэта яшчэ ў перадсезонцы, калі гулялі таварыскі матч — калі не ўлічваць "Рух" з вышэйшай лігі, то менавіта "Дняпро" быў самым моцным апанентам. Ну і яшчэ насцярожвае, што ў варота апанентаў "Дняпра" амаль у кожным матчы ставяць пенальці.
— Ці трэба змяняць нашу мадэль гульні супраць моцнага суперніка?
— Не, ня думаю. Трэба працягваць гнуць сваю лінію, а не залежыць ад суперніка. Тым больше мы граем на сваім полі, пры падтрымцы нашых заўзятараў, ідзем на першым месцы. Так што выйдзем толькі за перамогай і зробіў усё для таго, каб яе здабыць.
— Матч у пятніцу, у не вельмі зручны час. Будзе аншлаг?
— Спадзяюся, што так. Мы ўсе спадзяемся. Хацелася б, каб гледачоў было столькі ж, колькі на мінулых дамашніх матчах. Можа нават больш, чым на гульні з "Белшынай". Таму хацелась б запрасіць усіх на стадыён. Мы гуляем супраць моцнай каманды і нам вельмі патрэбна ваша падтрымка!
Прэс-служба НФК "Крумкачы"
Фота Аляксандра Шычко














