Адкуль родам?
Мінск
Кім марыў стаць у дзяцінстве?
У дзяцінстве вельмі любіў музычную групу "Любэ". У іх шмат песень на тэматыку Радзімы, а тым узросце хацеў стаць салдатам, каб абараняць яе ад ворагаў. Але ў выніку стаў брамнікам і абараняю каманду ад прапушчаных мячоў. Так што тут можна правесці нейкую паралель :)
Як прыйшоў у футбол?
У футбол прыйшоў у 9 гадоў. Да гэтага займаўся шмат чым іншым (музыка, дзюдо, гімнастыка, айкідо), што і заклала ўва мне пэўную базу. Па маёй просьбе мама знайшла секцыю па футболе. Спачатку паспрабавалі ў ФК "Мінск", але там не прайшоў па нейкіх параметрах. У выніку знайшлі секцыю па футболе ў СДЮШАР "Трактар". Там нас трэніраваў Ігар Вікенцевіч Кендыш.
Любімы футбаліст дзяцінства?
Уэйн Руні
Любімы футбольны клуб?
"Манчэстар Юнайтэд"
Якую музыку слухаеш?
У плане музыкі, я не магу адказаць адназначна, таму што падабаюцца вельмі розныя жанры: ад класікі да панк року. Але, калі выбіраць з музычных гуртоў, дык гэта напэўна: "Ляпис Трубецкой", "Кино", Макс Корж, Scorpions і Queen.
Тры лепшых фільма ад Аляксея Калтыгіна:
"Інтэрстэлар"
"Пачатак"
"Іван Васільевіч мяняе прафесію"
Лепшы адпачынак для цябе гэта ...?
Люблю розныя віды спорту (тэніс, сквош, баскетбол), шмат чытаю, у вольны час люблю гуляць на піяніна і гітары, таксама, адной з разнавіднасцяў адпачынку ад фізічных нагрузак для мяне з'яўляецца вучоба. Зараз я вучуся на пятым курсе эканамічнага факультэта БДУ.
Хто твой галоўны заўзятар?
Мая сям'я і блізкія сябры – гэта тыя людзі, дзякуючы якім у мяне заўсёды ёсць матывацыя рухацца далей і ўдасканальвацца. Менавіта яны падтрымліваюць мяне ў цяжкія хвіліны, нягледзячы ні на што.
Самы яркі ўспамін з футбольнай кар'еры?
Спадзяюся, што самыя яркія эмоцыі яшчэ наперадзе.
Як апынуўся ў АЛФ, а потым вярнуўся ў прафесійны футбол?
АЛФ для мяне заўсёды была сховішчам і магчымасцю для развіцця, нягледзячы на тое, гуляў я ў сваім асноўным клубе ці не гуляў. Там мяне заўсёды чакалі, а дакладней чакаў, мой аматарскі клуб "Трактар", разам з якім я два разы станавіўся чэмпіёнам вышэйшай лігі АЛФ.
У апошнім сезоне ты згуляў усяго ў дзвюх. гульнях. Чаму так атрымалася?
У "Спутніку" склалася так, што асноўным брамнікам быў Уладзімір Пяцігорац, і на працягу сезона ён паказваў добрую гульню, асабліва не даючы шанцаў іншым брамнікам. Магчыма, я б адыграў больш, калі б не ўспышка каронавіруса перад другой гульнёй з вамі, якая зачапіла і мяне.
Калі ўпершыню пачуў пра "Крумкачоў"?
Першы раз пачуў пра "Крумкачы", калі яны зрабілі супер рывок ад другой лігі да вышэйшай.
Чаму вырашыў перайсці да нас?
У гэтай камандзе сабраны сапраўдныя прафесіяналы і, вядома, у такіх умовах ты становішся мацней з кожным днём, з кожнай праведзенай трэніроўкай. Само сабой, мне блізкая ідэя клуба "супраць гвалту", бо гэта сітуацыя закранула і маю сям'ю. Мой старэйшы брат знаходзіцца пад следствам на Валадарскага ўжо амаль паўгады, хоць толкам яго ні ў чым абвінаваціць не могуць.
Чым "Крумкачы" адрозніваюцца ад іншых клубаў?
"Крумкачы" маюць незвычайную аўру, а узаемадзеянне заўзятараў і гульцоў – гэта тое, ад чаго сапраўды захоплівае дух.
Якую мэту паставіў на сезон?
Мэта адна – стаць першымі.
Што хацеў бы перадаць нашым заўзятарам?
Як бы там не было, толькі калі Мы будзем трымацца разам, Мы даможамся выніку. Верым! Можам! Пераможам!